Таленавіты мастак слова

Дата: 29 апреля 2021 в 11:18, Обновлено 29 апреля 2021 в 11:21
237 просмотров

Да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі, празаіка, паэта, крытыка, аднаго з выдатных пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры.

Літаратурная спадчына Змітрака Бядулі з’яўляецца каштоўным укладам у гісторыю беларускай літаратуры. Празаічныя і паэтычныя творы вызначаюцца яркасцю і сакавітасцю мовы.
З.Бядуля па дамінантнай рысе творчасці – лірык, пісьменнік ліра-эпічнага складу. У яго апавяданнях назіраецца як бы нейкая застыгласць, праекцыя на “вечнасць”, ці не падцверджаннем будзе думка, згаданая ў творы “Пяць лыжак заціркі”: Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце.
Пяру пісьменніка належыць і цікавы раман “Язэп Крушынскі”, нараджэнне якога ў творчасці пісьменніка немагчыма вытлумачыць. Калі параўнаць героя рамана з якім-небудзь адметным літаратурным персанажам, то найбліжэйшым яго родзічам акажацца Астап Бэндэр з вядомых раманаў Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” і “Дванаццаць крэслаў”, ён таксама прагне актыўнай дзейнасці і перш за ўсё ў імя грошай, натура гэтая невычэрпная ў канструяванні розных планаў, камбінацый, хітраспляценняў.
Многія апавяданні З.Бядулі сталі хрэстаматыйнымі: “Пяць лыжак заціркі” (1912), “Малыя дрывасекі” (1914), “На каляды к сыну” (1913), “Вялікодныя яйкі” (1913).
Яго зоркае вока, чулае сэрца, прыродны талент адкрылі такія творчыя далі і глыбіні, якія толькі і можа адкрыць вялікі і непаўторны мастак. Калі вы жадаеце дакрануцца да творчасці Змітрака Бядулі, адчуць смак слова, пачуць яго музыку, то творы пісьменніка і ёсць тая магчымасць.

Дайнека Таццяна Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.