Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные

Гісторыя школы

Дата: 16 сентября 2016 в 00:21, Обновлено 24 декабря 2016 в 10:02
Автор: Летяго Г. Е.

Из истории Дубровской СШ

XIX стагоддзе. 1886 год. Восень. В вёсцы Дуброва была адкрыта змешаная школа граматы. Школа знаходзілася ў прыватнай нязручнай квартэры. Навучанне вёў селянін Е.Ф. Шчарбіна, які закончыў курс народнага вучылішча і атрымліваў жалаванне 7 рублёў. У школе навучалася 10 хлопчыкаў. Закон Божы ў школе выкладаў мясцовы свяшчэннік.

    У пачатку ХХ стагоддзя ў школе было уже 4 класы, у якіх выкладаў адзін настаўнік. Старажылы в. Дуброва ўспамінаюць і першых настаўніц – Алену Манкевіч, Сцепаніду Сцяпанаўну Бекус, якія добрасумленна працавалі на ніве адукацыі да 1917 года.

    У 1917 годзе дзейнічала ў в.Дуброва 1-класнае народнае вучылішча (настаўніца Лідзія Мацкевіч).

    Пасля Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі пачала стварацца шырокая сетка школ народнай адукацыі. Адкрываліся школы сялянскай калгаснай моладзі, пачатковыя школы. У вёсцы Дуброва была створана хата – чытальня, куды пацягнуліся за адукацыяй і дарослыя, і дзеці. На базе царкоўнапрыходскай школы арганізавана працоўная школа I-ай ступені. Яе першыя настаўнікі – Канстанцін і Соф’я Муратавы. У 1922/23 навучальным годзе ў школе вучыліся 66 дзяцей, сярод якіх толькі дзве дзяўчынкі.

    Ішоў працэс ліквідацыі непісьменнасці. Царква была аддзелена ад дзяржавы, а школа - ад царквы. Дарослыя вучыліся пісаць, чытаць пасля напружанага працоўнага дня.

    Вельмі цяжка прыходзілася працаваць настаўнікам Дуброўскай школы Сачанку, Бебчыку, Кернажыцкаму, Корбуту, Краўцову і інш.

    У 1929 годзе школа была ўжо сямігодкай. Дырэктарам  у гэты час быў Бебчык. Размяшчалася яна ў двух будынках, прыстасаваных для заняткаў вясковых хатах. Створы піянерскі атрад.

    У 1932 годзе школу ўжо наведвала 180 вучняў, дырэктарам быў Кернажыцкі.

    У 1940 годзе Дуброўская школа атрымала статус сярэдняй школы, былі 8 і 9 класы. Школу ўзначальваў Бусел Аляксандр Іванавіч. Але выпуска ў статусе сярэдняй школы ажыццявіць не ўдалося.

   Мірную стваральную працу парушыў напад фашысцкай Германіі на Савецскі Саюз. Фашысты захапілі в. Дуброва і паспрабавалі арганізаваць заняткі ў школе. Але яны доўжыліся каля месяца, і школа закрылася з-за неспакойнай, небяспечнай ваеннай абстаноўкі. У 1942 годзе непрацяглы час вяліся заняткі ў школе, але яны былі зноў спынены. Выкладалі ў школе Бусел Вольга Іларыёнаўна, Друзік Марыя Цімафееўна. У в.Дуброва дзейнічала нешматлікая падпольная група на чале з дырэктарам школы Шумскім Уладзімірам Іванавічам.

   На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся настаўнікі і вучні Дуброўскай школы.   За два гады і некалькі месяцаў  часовай акупацыі фашысты знішчылі  ўсё, што было створана рукамі калгаснікаў. З 500 дамоў і гаспадарчых пабудоў  засталося толькі 20 паўразбураных хат. Але людзі не страцілі надзею на лепшае. Былі выкапаны зямлянкі, адрамантаваны ўцалелыя дамы.  Пачаліся школьныя заняткі  ўжо  01.09.1944 года. Заняткі праводзіліся  ў сялянскі хатах. У 1 – 4 класы прыйшлі вучні розных узростаў – гэта была пачатковая школа. Дырэктарам была Савіцкая Ірына Альбертаўна. З верасня наступнага года дырэктарам Дуброўскай пачатковай школы был Бусел Васіль Пятровіч і калектыў школы складаўся з настаўнікаў – Вольгі Іларыёнаўны Бусел, Аляксандры Усціменка і тэхработніка Івана Сямёнавіча Друзіка. З 15 кастрычніка 1946 года ў школе пачаў выкладаць матэматыку Мікалай Афанасьевіч Бусел, які вярнуўся з Германіі пасля дэмабілізацыі. У 1948 годзе ў школу прыйшлі настаўнікі – Тукач Васіль Пракопавіч, выкладаў у пачатковых класах, Гарбукова Марыя Міхайлаўна (руская мова і літаратура), Капусцін Рыгор Аляксеевіч (біялогія, геаграфія).

    З 01.09.1947 года школа была ператворана ў сямігодку. І ў 1947 годзе пачалося будаўніцтва тыпавога, для тых часоў, драўлянага будынка.  «Шмат ўвагі будаўніцтву школы ўдзялялі ўсе дарослыя в.Дуброва. Усе былі зацікаўлены, каб была школа і ў ёй навучаліся дзеці. Ніхто не адказваў у  дапамозе», – успамінаў Бусел М.Аф.

    У будаўніцтве ўдзельнічалі бацькі і вучні 7-га класа. Самі валілі лес, грузілі на аўтамабіль,  які сваімі рукамі зрабіў дырэктар школы Бусел Мікалай Афанасьевіч, і прывозілі ў вёску. Вучні атрымалі вялікі светлы будынак з 7 класнымі  пакоямі і лабаранцкай, а настаўнікі – настаўніцкую. Першы выпуск сямігадовай школы быў ажыццёўлены ў 1951 годзе.   Сіламі вучняў і настаўнікаў быў створаны агарод, на якім было шмат раслін. Былі разбіты кветнікі, зроблены клумбы вакол школы. У школьным двары і каля плота былі высаджаны кусты бэзу, устаноўлены лавачкі. Праз школьны двор, да ўваходу ў настаўніцкую, была пракладзена сцяжына, абсаджаная дрэвамі. Школьный двор стаў вельмі ўтульным і прыгожым. Усе бераглі высаджаныя дрэвы, кусты і кветкі. Быў уладкаваны стадыён.

    Дуброўская сямігадовая школа з 01.09.1963 года была рэарганізавана ў васьмігодку. А праз год Дуброўская васьмігадовая школа стала сярэдняй. Першы выпуск вучняў сярэдняй школы адбыўся ў 1966 годзе.

    У  1965 годзе піянерскай дружыне было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза С.Г.Чэхладзе. У ей налічвалася 120 піянераў, 4 піянерскія атрады, 4 акцябрацкія групы. У дружыне працавалі піянеры-інструктары, знамяносцы, барабаншчыкі, гарністы. Наладзіліся сяброўскія адносіны школы з роднымі і блізкімі С.Г.Чэхладзе. Піянерская арганізацыя не спыняла сваёй дзейнасці. Зараз у яе радах –– 18 чалавек.

    У 1950-ыя гады ўжо паспяхова ажыццяўлялася працоўнае навучанне на базе майстэрні школы. З 1965 года ў школе быў арганізаваны трактарны клас. Вучні вывучалі  трактарную справу.  І першыя выпускнікі сярэдняй  школы ў 1966 годзе атрымалі пасведчанні на права кіравання трактарам. Здавалася, што жыццё наладзілася і ўсё будзе далей паспяхова развівацца.  25 мая 1969 года закончыўся вучэбны год, наперадзе выпускныя экзамены, выпускны вечар, канікулы ... 31 мая 1969 года ў выніку бурана, які пранёсся над Дубровай, ад школы засталіся разваліны.  

    З уцалелых бярвенняў  Дуброўской СШ была пабудавана Язвінская пачатковая  школа, а ў Дуброву прыехалі будаўнікі і пачалося будаўніцтва новага сучаснага памяшкання школы, але не па праекту сярэдняй, а  па праекту васьмігадовай школы.  Будаўнічыя  работы  ажыццяўляў будтрэст № 20. Дырэктарам школы ў той час быў Анатоль Кірылавіч Талсцянкоў. У 1969 – 1970 і 1970 – 1971 навучальных гадах вучні займаліся ў будынку дзіцячага садка, які быў паспешна дабудаваны.

1971 – 1972 вучэбны год пачаўся ў новым будынку. Дзяцей ў 70-я гады было шмат і заняткі ў школе вяліся ў дзве змены. У 60-90-ых гадах ХХ ст. у Дуброўскай школе займаліся  вучні з навакольных вёсак: Зарэчча, Вялікі Бор, Чарняўка, Язвін, Міхайлаўка, Прытыка, Мартынаўка, Церабулін, Віша, Палессе, Мыслаў Рог, Уюнішчы, Гарохавішчы, Пружынішчы, Карма. У асенне – зімовы перыяд для вучняў вакольных вёсак з 1972 па 1988 годы дзейнічаў інтэрнат, які размяшчаўся ў крайнім правым крыле будынка дзіцячага садзіка. Цяпер ужо дзяцей прывозілі ў школу на цэлы тыдзень, а на выхадны (нядзеля) іх бацькі маглі забраць дамоў. У пачатку ХХІ ст. Дуброўскую школу наведвалі навучэнцы з Дубровы, Зарэчча, Прытыкі і Палесся, а з верасня 2014 г. ужо з Мікалаеўкі, Міхайлаўкі, Вяжноў, Гамзы, Раковіч, Пятровіч і Чэрніна (Мікалаеўская і Вяжноўская СШ рэарганізаваны ў базавыя школы). З верасня 2015 г. у школу былі пераведзены 28 вучняў Палескай базавай школы, якую закрылі.

   У 1955 – 1967 гадах пры школе дзейнічала вячэрняя школа сельскай моладзі, затым кансультатыўны пункт, з 1991 па 2003 гады  вучэбна – кансультатыўная група.

У 1971 годзе ў школе быў спецыяльна пабудаваны будынак, у якім абсталявалі трактарны клас з тэхнічнымі і нагляднымі сродкамі навучання. Мелася два трактары – Т-40 і ДТ-50. Навучанне было тэарэтычным (Мікалай Афанасьевіч Бусел) і практычным (вадзіцелі-інструктары Васіль Васільевіч Бусел і Валерый Мікалаевіч Бусел, Павел Паўлавіч Лявонцеў). Усе выпускнікі атрымлівалі высокую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Дзякуючы гэтаму яны атрымлівалі не толькі прафесію трактарыста, але і затым пасведчанне на права кіравання матацыклам. У 1985 годзе спыніў працу трактарны клас, вучні былі накіраваны на вучобу ў Парыцкі вучэбна-вытворчы камбінат.

      З 1996-1997 навучальнага года ажыццяўляецца на ўроках працы паасобнае навучанне дзяўчынак і хлопчыкаў 5-9 класаў.

     У пачатку 1960-х і да 1987 года ў школе паспяхова дзейнічалі ЛПА (лагер працы і адпачынку) і вытворчая брыгада, праца якіх была прыпынена з-за неспрыяльных экалагічных акалічнасцяў.

    Вучні Дуброўскай школы актыўна ўдзельнічалі ў спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах, турыстычных злётах, ваенна-спартыўных гульнях «Зарніца» і «Арлёнак» і ў алімпіядным руху Неаднаразова займалі прызавыя месцы  і нават  прадстаўлялі Светлагорскі раён на абласных алімпіядах па рускай і іспанскай мовах, гісторыі, хіміі і па тэхнічнай працы. Плённы вынік мае ўдзел вучняў установы ў навукова-практычных канферэнцыях па біялогіі (настаўнік Т.С. Тарасенка), геаграфіі (настаўнік У.У. Бондзікаў), гісторыі (настаўнік Р.А. Паліненка) і абслугоўваючай працы (настаўнік І.А. Дайнека). З 2006 года педагогамі ўстановы падрыхтавана 12 пераможцаў другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадметах, 36 пераможцаў другога этапа  абласной алімпіяды сярод вучняў 4-9 класаў; 34 пераможцы раённай навукова-практычнай канферэнцыі па геаграфіі, гісторыі, краязнаўстве, біялогіі, фізіцы, экалогіі, здаровым харчаванні. Вучні школы Клешчанка Мікалай стаў кандыдатам у майстры спорту па паўэрліфтынгу, Доўгі Раман і Царэнок Ігар атрымалі адпаведна І і ІІ дарослыя разрады.

   З 1966 па 2016 год у Дуброўскай сярэдняй школе пасведчанне аб няпоўнай сярэдняй адукацыі выдадзена 871 вучню, а атэстат сталасці быў уручаны 929 вучням, з іх 5 вучаніц закончылі школу з залатым медалём (Друзік Галіна Васільеўна, Кохна Алена Мікалаеўна, Друзік Таццяна Анатольеўна, Сахбіева Ірына Раісаўна, Бусел Наталля Віктараўна) і 2 –– з сярэбраным (Бусел Марына Васільеўна,   Каралькова Іна Пятроўна).   Закончылі ВНУ 168 выпускнікоў, з іх 68 чалавек выбралі педагагічную дарогу, а астатнія працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. У  філіяле РУП “Гомельэнерга” “Дубрава-Агра”  паспяхова працуе 48 выпускнікоў нашай школы.

За 130 гадоў свайго існавання школа дала пуцёўку ў жыццё многім таленавітым людзям. З гонарам прыпамінаем выпускнікоў, чые імёны занесены ў Беларускую знцыклапедыю.

Гэта Герой Сацыялістычнай Працы Піліп Пятровіч Дайнека, Заслужаны настаўнік БССР Вольга Савельеўна Юферава. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Яўген Сямёнавіч Бусел таксама мае дачыненне да нашай школы.

У галіне навукі працуюць кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, аўтар некалькіх кніг і больш за 90 навукова-метадычных прац Іван Паўлавіч Бусел, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, выдатнік адукацыі Міхаіл Цімафеевіч Кахно.

 Некаторыя з выпускнікоў вярнуліся ў сваю родную школу. Настаўнікамі пачатковых класаў працуюць Кацярына Міхайлаўна Дайнека – 39 гадоў, Марыя Уладзіміраўна Бабакова – 24 гады, Вікторыя Вітальеўна Альшэўская – 10 гадоў,  Тамара Рыгораўна Друзік 42 гады выкладала хімію і біялогію, 28 гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру Ніна Рыгораўна Тукач, настаўнік фізічнай культуры і спорту Пётр Дзмітравіч Мітраховіч працуе ў школе 26 гадоў,  Уладзімір Уладзіміравіч Бондзікаў 24 гады выкладае геаграфію, Таццяна Іванаўна Стукач – дырэктар установы – 15 гадоў выкладае  беларускую мову і літаратуру, ужо 9 гадоў навучае дзяцей хіміі і біялогіі Таццяна Святаславаўна Тарасенка, Ірына Уладзіміраўна Іванова і Вольга Мікалаеўна Бусел працуюць выхавацелямі дзіцячага садзіка. Выпускнікі школы складаюць 38 % педагагічных кадраў (10 з 26 настаўнікаў). Усе яны за добрасумленную працу маюць узнагароды.

    Залатымі літарамі ўпісаны імёны педагогаў старэйшага пакалення ў гісторыю школы: Пратасені І.Р., Бусел М.М., Новік З.М., Тукача В.П.,  Бусла І.К., Бусла М.А., Бусла В.П., Друзік Ф.К., Шуст Е.В., Пратасені В.П., Дайнека А.М.,  Тарасюк А.А.  Гэта яны сваім прыкладам натхнялі маладое пакаленне педагогаў і ўсё сваё жыццё звязалі з в. Дуброва і з Дуброўскаю школаю, адпрацавалі 33-36 гадоў. Сення іх ужо няма ў жывых.

    Заўсёды настаўнікі і вучні  вельмі рады сустрэцца ў школе з педагогамі-ветэранамі.  Яны адпрацавалі ў Дуброўскай школе не адзін дзясятак гадоў: Ніна Рыгораўна Качура – 33 гады,  Ганна Андрэеўна Дайнека – 37 гадоў, Галіна Паўлаўна Галаўкова – 15 гадоў, Марыя Іванаўна Мятлушка – 28 гадоў, Мікалай Дзям’янавіч Краўчанка – 30 гадоў, з іх 20 дырэктарам школы, Тамара Рыгораўна Друзік – 42 гады, Маіна Барысаўна Краўчанка – 33, Бусел Мікалай Кліменцьевіч і Бусел Надзея Паўлаўна – 30 гадоў, Бусел Ганна Захараўна – 35 гадоў лабарантам.

   Школа спрыяла фарміраванню педагагічных дынастый:

Капусцін Рыгор Аляксеевіч→Друзік Тамара Рыгораўна   →   Шорап Таццяна Анатольеўна, Друзік Марк Аляксеевіч;

Бусел Надзея Сяргееўна   →     Лапаціна (Бусел) Людміла Мікалаеўна  →    Мажарова (Лапаціна)  Святлана Віктараўна;

Новік Зінаіда Мітрафанаўна  →    Новік Вольга Васільеўна і Новік Алена Васільеўна →Каханоўская Вольга Леанідаўна;

Тукач Васіль Пракопавіч     →   Тукач Святлана Васільеўна;

Дайнека Ганна Андрэеўна   →     Шчэрбін Віталія Мікалаеўна;

Краўчанка Мікалай Дзям’янавіч і Краўчанка Маіна Барысаўна   →    Краўчанка Віктар Мікалаевіч;

Бусел Мікалай Кліменцьевіч і Бусел Надзея Паўлаўна   →   Бусел Алёна Мікалаеўна;

Мітраховіч Пётр Дзмітравіч і Мітраховіч Святлана Іванаўна   →    Мітраховіч Юлія Пятроўна.

Паліненка Раіса Анатольеўна      →  Паліненка Таццяна Аркадзьеўна;

Бусел Вольга Мікалаеўна    →   Бусел Таццяна Мікалаеўна;

Тарасенка Таццяна Святаславаўна  → Тарасенка Аксана Аляксандраўна.

   Па выніках раённага конкурса на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі Светлагорскага раёна ў групе сярод вучэбна-педагагічных комплексаў установа была прызнана пераможцай: 2007/2008 вучэбны год – І месца; 2008/2009 вучэбны год (у намінацыі “Сельская школа”)  – ІІІ месца; 2009/2010 – вучэбны год – ІІ месца;  2010/2011 вучэбны год – ІІ месца;  2011/2012 вучэбны год – ІІ месца; 2012/2013 вучэбны год – І месца; 2015/2016 вучэбны год – І месца.  

   За час свайго існавання школа неаднаразова змяняла назву. З 01.09.1964 г. школа называлася «Дуброўская сярэдняя школа», з 01.09.1988 г. –  «Дуброўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа», з 01.09.2005 г. – «Установа адукацыі Дуброўская сярэдняя агульнаадукацыйная школа»,  з 01.09.2006 г. – «Дуброўскі навучальна – педагагічны комплекс «дзіцячы сад  –  сярэдняя агульнаадукацыйная школа», з 16.05.2008 г. –  «ДУА «Дуброўскі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад  –  сярэдняя агульнаадукацыйная школа»,  з 07.12.2011 г. «ДУА «Дуброўскі яслі-сад  – сярэдняя школа».

За плённую працу адміністрацыя школы выказвае вялікую ўдзячнасць усім настаўнікам.

Слоў падзякі заслугоўваюць работнікі абслугоўваючага персаналу: і тыя, хто знаходзіцца зараз на адпачынку, і тыя хто працуюць у школе сёння, бо без іх удзелу немагчыма арганізацыя вучэба-выхаваўчага працэсу.

Значную дапамогу школе аказваюць шэфы – філіял РУП “Гомельэнерга” “Дубрава-Агра”, які ўзначальвае Я.В.Пятрашын, выпускнікі школы А.М. Бусел і П.М. Бусел. Школа вельмі ім ўдзячна за гэта.

З нагоды юбілею віншуем усіх работнікаў школы, усіх, хто працаваў і вучыўся ў нашай школе!

                   Паліненка Раіса Анатольеўна, настаўнік гісторыі ДУА “Дуброўскі яслі-сад – сярэдняя школа”, Светлагорскі раён.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.