Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

Дата: 2 апреля 2022 в 19:52, Обновлено 2 апреля 2022 в 19:55
161 просмотр

Шчаслівы той чалавек, які ўмее і любіць чытаць, разважаць і думаць, бо кніга –– крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы; надзейны сябар.
Штогод 2 красавіка, у дзень нараджэння вялікага дацкага казачніка Г.Х. Андэрсана, у шматлікіх краінах адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.
У Дуброўскім яслі-садзе-сярэдняй школе таксама наладзілі святочныя мерапрыемствы, разумеючы вялізную ролю кнігі ў развіцці думаючай асобы, таму што маленькі чытач сёння – гэта вялікі чалавек заўтра.
У кабінеце беларускай мовы і літаратуры арганізавана выстава, прысвечаная сучаснаму беларускаму пісьменніку Алесю Жуку, якому 1 красавіка споўнілася 75 год. Калі вы цікавіцеся прыродай челавечага шчасця, імкнецеся знайсці сэнс жыцця, асэнсаваць самога сябе, то проза А.Жука найлепшая магчымасць.
Знаёміліся з кніжнымі навінкамі Палескай сельскай бібліятэкі. Якасная дзіцячая кніга можа развіваць у дзіцяці любоў да чытання. Гэтай думкай кіраваліся пры падрыхтоўцы прэзентацыі “Кніга адкрывае свет”. Дзеці пазнаёміліся са зместам кніг з серыі “Беларускія пісьменнікі дзецям” (Віктар Кажура “Беларускія прыказкі ў вершах”, Уладзімір Мазго “Хутка стану чэмпіёнам”), з серыі “Кнігі нашага дзяцінства” (М. Багдановіч “Зачараванае царства”), з серыі “Маленькі прафесар” (В. Кажура “Патрэбныя рэчы заўсёды дарэчы”, “З легендаў і казак… Маленькая азбука беларускай міфалогіі”). “Новыя” сябры ўразілі сваім зместам, напаўняльнасцю, яркімі ілюстрацыямі, якаснай паперай, да кніг хацелася дакрануцца, іх хацелася разглядаць, чытаць.
Школьны бібліятэкар Галіна Сямёнаўна Бусел запрасіла рабят “У свет казак”, узгадала і пра знакамітага казачніка Г.Х. Андэрсана, правяла віктарыну на веданне дзецьмі казак народаў свету. Наведалі дзеці і Дуброўскую сельскую бібліятэку, дзе бібліятэкар Людміла Фёдараўна Бусел падрыхтавала захапляльны літаратурны калейдаскоп “Хто шмат чытае, той шмат ведае”. У цэнтры была кніга – казка К.Паўстоўскага “Дрымучы мядзведзь”. Твор пераказвалі, выразна чыталі, прайгрывалі асобныя эпізоды – твор ажываў, героі станавіліся рэальнымі. Знайшоўся час і для гульні; падзяліўшыся на дзве каманды, вучні адказвалі на займальныя пытанні, толькі адказы неабходна было складваць з прапанаваных літар. Арганізатары праведзеных мерапрыемстваў зрабілі ўсё магчымае, каб знаёмства з кнігай для дзяцей было прыемным, цікавым, запамінальным.
Так проста для сябе адкрыць свет – разгарнуць кнігу і пачаць чытаць: шэптам і павольна, ціха і ўмерана, моцна і ўпэўнена. Галоўнае пачаць. Пачаць добрую і карысную справу – чытаць і любіць кнігу.
Дайнека Таццяна Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.