Святочныя дні да Міжнароднага дня роднай мовы

Дата: 21 февраля 2023 в 10:15, Обновлено 21 февраля 2023 в 10:17
196 просмотров

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.
У школе наладзілі святочныя дні. Ва ўсіх класах 16 лютага праведзены інфармацыйныя гадзіны да Дня роднай мовы. Кожны класны кіраўнік абіраў сваю форму, напаўняў яе важным зместам, але было і тое, што яднала ўсе мерапрыемствы – любоў і павага да роднай мовы.
Вучні 6 класа прапанавалі для ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у разгадванні фразеалагізмаў па ілюстрацыях, якія з клопатам падрыхтавалі самі. Першая, хто назваў усе фразеалагізмы правільна, стала Сілівончык Дар’я, вучаніца 11 класа. Статус выпускніцы і прызёра раённай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры не падвёў. Дашу чакаў падарунак – цікавая кніга.
Нашу мову ажыўляюць не толькі фразеалагізмы, але і прыказкі з прымаўкамі. Вось і шасцікласнік Уладзіслаў Карніенка падзяліўся сваім бачаннем зместу некаторых прыказак – зрабіў дасціпныя малюнкі да прыказак. І словы з прыказак “ажылі”. Такога сабаку і сам паважаць пачнеш (“У сваёй будцы і сабака – тыгр”), здаецца імгненне і пачуеш, як кароўка мычыць (“Карова на двары – харч на стале”), і гарачыню пекла адчуеш, і пашкадуеш гэтага гаротніка (“Кошка дадае гаспадару пакут у пекле, раздзімае полымя пад катлом, а сабака носіць ваду і гасіць полымя”).
У кабінеце беларускай мовы і літаратуры наладжана выстава да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. «Ці можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння бацькаўшчыны?» – запытвае ў нас пісьменнік. І сваім жыццём і сваёй творчасцю даказвае, што для радзімы нельга шкадаваць.
Шасцікласнікі паўдзельнічалі ў квэсце “Колазварот слоў”: праз выкананне шэрагу заданняў прайшлі па прапанаваным маршруце і вызначылі паэтычны твор, аўтара, прыкмету і пору года.
У цёплай, шчырай атмасферы прайшло Свята роднай мовы “Не пакідайце ж мовы роднай…” (20 лютага) падрыхтаванае Нінай Рыгораўнай Тукач і адзінаццацікласніцамі. Было тут і месца для цікавых фактаў пра мову, і для выразнага чытання на памяць вершаў Ніла Гілевіча, Юрася Свіркі, Пятруся Броўкі, і для знаёмства з пазнавальнай рэкламай “Смак роднай мовы” з удзелам міністраў Беларусі, і для разгадвання лінгвістычных і этнаграфічных задач, і для песні… А самае галоўнае было месца для мовы. Яна была галоўнай гераіняй свята.
І тады мова прарасце, калі дзень роднай мовы перарасце ў год, а год – у стагоддзі. Для гэтага не трэба вялікіх высілкаў. Пачаць з некалькіх слоў па-беларуску, але кожны дзень. І вы не заўважыце, як яны перарастуць у сказы, а са сказаў – у думкі. Дайце мове прарасці!
Бо сапраўдная свабода – гаварыць на роднай мове!
Віншую ўсіх нас са святам!
Т.У. Дайнека

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.