Дні беларускай мовы і літаратуры

Дата: 26 ноября 2022 в 10:42
113 просмотров

У Тыдні роднай мовы і літаратуры (21-26.11.2022) прымалі ўдзел усе класы школы. Настаўнікамі Нінай Рыгораўнай Тукач і Таццянай Уладзіміраўнай Дайнека былі праведзены цікавыя мерапрыемствы, якія далі магчымасць вучням паказаць свае інтэлектуальныя здольнасці, праявіць свае таленты.
На Тыдні шмат падзей прысвячалася 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У фае школы была зладжана выстава малюнкаў з цытатамі вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вучні 1-4 класаў праілюстравалі вершы паэтаў. Купалаўскія і коласаўскія героі ажылі ў розных формах і колерах. Найбольшае адлюстраванне ў дзіцячых малюнках знайшлі карціны прыроды – ціхай і задуменнай, сонечнай і голаснай, зімовай і снежнай. А вучні 5-11 класаў паспрабавалі свае сілы ў выпуску насценгазет “Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю”. Кожны клас па-свойму падышоў да рэалізацыі творчай задумы: 5-цікласнікі расказалі пра помнікі Я.Купалу ў розных гарадах, а таксама пра неўміручую “Паўлінку”, 6-цікласнікі прапанавалі разгадаць крыжаванку па творах Якуба Коласа, пазнаёмілі з успамінамі сына Я.Коласа Міхася пра свайго бацьку, 7-мікласнікі зрабілі выдатны партрэт Я.Коласа, вучні 8 і 9 класаў нагадалі знаёмыя вершаваныя творы Янкі Купалы, 10 клас прэзентаваў зборнікі паэзіі Я.Купалы, а 11-цікласніцы пра мясціны, якія назаўсёды сталі роднымі Якубу Коласу. Асобна зладжана выстава работ Валянціны Мікалаўны Кіндар на паэму “Новая зямля”.
Выставы арганізаваны не толькі, каб стварыць добры настрой на вучэбны дзень, а, напэўна, і пра штосьці глыбокае і важнае задумацца, бо творы Коласа і Купалы крыніца мудрасці і святла.
У школьнай бібліятэцы Галінай Сямёнаўнай Бусел арганізавана тэматычная кніжная выстава “Песняры роднай мовы”.
Вучні 9, 11 класаў паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні, прысвечанай творчасці Якуба Коласа “Беларускай зямлі пясняр”, а таксама здзейснілі разам з 6-класнікамі завочнае падарожжа ў музей Коласа, што ў Мінску.
Літаратурны турнір, праведзены з 8-мікласнікамі, паспрыяў павышэнню цікавасці да вывучэння прадмета і праверыў веды вучняў.
Вялікую зацікаўленасць дзеці праявілі ў конкурснай праграме “Мая Радзіма – Беларусь”(11 клас), турніры “Знаўцы беларускай мовы”(5 клас), квэст-гульні “Беларуская скарбонка” (7, 10 класы), інтэлектуальнай гульні “Жывое слова” (6 клас). Навучэнцы наведалі школьны этнаграфічны куток, дзе пазнаёміліся з экспанатамі сялянскай хаты. Захапляльнай атрымалася гэта экскурсія.
Усе мерапрыемствы тыдня былі накіраваны на тое, каб абудзіць у вучняў любоў да роднай мовы, навучыцца захапляцца хараством беларускага слова, ганарыцца выдатнымі людзьмі Беларусі.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.